21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць маладое, але вельмі прыгожае свята – Міжнародны дзень роднай мовы. Наша родная беларуская мова прыгожая, мяккая, сакавітая, напеўная і мілагучная. Мова яднае нас – народ, які носіць не менш прыгожае імя – беларусы.
У Год гістарычнай памяці рэдакцыі часопіса “Роднае слова” і газеты “Літаратура і мастацтва” пры падтрымцы выдавецтава “Адукацыя і выхаванне” і Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзілі конкурс эсэ “Адрасы роднага слова” Вынікі яго былі падведзены ў студзені 2023 года. Мерапрыемства было прымеркавана да юбілейных датаў перыядычных выданняў, якія займаюць значнае месца ў культурна-асветніцкай прасторы сучаснай Беларусі: 35-годдзя з дня заснавання навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”, 90-годдзя літаратурнай газеты “Літаратура і Мастацтва” і 100-годдзя літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Полымя”.
Асноўная мэта ініцыятараў конкурсу была накіравана на далучэнне школьнікаў да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыю і пашырэнне кола чытачоў беларускамоўных выданняў.
Гімназістка Валерыя Вевель, навучэнка 10 класа гімназіі №1, і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Сяргееўна Паўлава атрымалі па выніках конкурсу спецыяльны прыз ад Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Урачыстае ўручэнне ўзнагароды адбудзецца ўжо на гэтым тыдні 24 лютага.