Штогод 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў у памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд 11 красавіка 1945 года.
Першы канцлагер у Германіі быў створаны блізу Дахаў у сакавіку 1933 г. Да пачатку Другой сусветнай вайны у турмах і канцлагерах Германіі знаходзілася 300 тыс. нямецкіх, аўстрыйскіх і чэшскіх антыфашыстаў. У наступныя гады гітлераўская Германія на тэрыторыі акупаваных еўрапейскіх краін стварыла гіганцкую сетку канцэнтрацыйных лагераў – месцаў арганізаванага забойства мільёнаў людзей.
У лік сусветна вядомых нацысцкіх канцлагераў увайшлі Асвенцым – 4 млн вязняў, Майданек – 1,38 млн, Маўтхаўзен – 122 тыс., Заксенхаўзен – 100 тыс., Равенсбрук – 92,7 тыс., Трэблінка – 80 тыс., Штутгоф – 80 тыс. Колькасць дзяцей да 14 гадоў у гэтых лагерах складала 12–15 %. Дзясяткі тысяч ахвяр налічвалі канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі СССР – Саласпілс, Алітус, 9-ы форт Каўнаса.
На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. У гэтым трагічным спісе Трасцянец, Хатынь, Азарыцкая зона смерці, Чырвоны Бераг. Па няпоўных дадзеных, у лагерах на тэрыторыі Беларусі загінулі каля 1,5 млн чалавек.Толькі ў Трасцянцы, дзе знаходзіўся адзін з самых вялікіх па колькасці знішчаных там людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінула 206,5 тыс. чалавек. З Беларусі ў Германію на прымусовыя работы было вывезена каля 400 тыс. чалавек (у тым ліку 24 тыс. дзяцей).
Сістэма германскіх канцлагераў была ліквідавана разам з разгромам гітлерызму, асуджана ў прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбунала на Міжнародным судовым працэсе ў Нюрнбергу, які праходзіў з 20 лістапада 1945 г. па 1 кастрычніка 1946 г., як злачынства супраць чалавечнасці. Адкрытыя суды па найбольш жорсткіх ваенных злачынствах былі праведзены ў гарадах савецкіх рэспублік на тэрыторыі Савецкага Саюза, у тым ліку ў Мінску, Бабруйску, Віцебску і Гомелі.
22 чэрвеня 1988 года быў утвораны Міжнародны саюз былых малалетніх вязняў фашызму. Арганізацыя з’яўляецца адзіным у свеце структураваным грамадскім аб'яднаннем грамадзян Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Эстоніі, якія прайшлі ў дзіцячым узросце канцлагер, гета, турму і іншыя месцы прымусовага ўтрымання, створаныя нацысцкай Германіяй на тэрыторыях Трэцяга Рэйха, яго саюзнікаў і ў акупаваных абласцях СССР і іншых краін Еўропы.
Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў ва ўсім свеце адзначаецца памятнымі мерапрыемствамі, памінаннем загінуўшых, глыбокай пашанай іх памяці, ускладаннем кветак да магіл і месцаў пахавання ахвяр фашызму.
У Беларусі штогод 11 красавіка праходзяць мітынгі, прысвечаныя Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Да памятных знакаў па ўсёй рэспубліцы нясуць вянкі і кветкі былыя вязні канцлагераў, прадстаўнікі улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, студэнты і школьнікі. На месцах лагераў смерці па ўсёй краіне ўстаноўлены помнікі. Кожны лагер смерці ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
У Мінску гарадскі мітынг-рэквіем адбудзецца ў мемарыяльным комплексе «Шталаг-352».
Источник: Национальный образовательный портал