11 кастрычніка адбылося чарговае адкрытае пасяджэнне клуба “Спадчына”. Падрыхтавалі і правялі яго вучні 10-х класаў. Яно прайшло пад назвай “Мы - беларусы” і ўключала ў сябе як паэтычнае слова пра родную Беларусь, так і інтэлектуальную гульню “Беларусь старажытная”. Каманды дзесяцікласнікаў прадэманстравалі веданне этапаў развіцця даўняй беларускай літаратуры, твораў таго часу. У якасці дамашняга задання камандам прапанавана было праінсцэніраваць твор ці ўрывак з твора таго перыяду. Цудоўна справіліся з гэты заданнем вучні 10А – яны прапанавалі гледачам сцэну з п’есы В.Д-Марцінкевіча “Пінская шляхта”, вучні 10Г класа праінсцэніравалі ўрывак з паэмы К.Вераніцына “Тарас на Парнасе”. Лепшыя вынікі ў інтэлектуальным конкурсе паказалі вучні 10А класа. Падчас гульні быў праведзены і бліцтурнір для балельшчыкаў. Лепшыя веды па гісторыі беларускай літаратуры прадэманстраваў вучань 10Б класа Дзямідчык Дзяніс.
Мастацкае суправаджэнне сустрэчы ў клубе “Спадчына” ўзялі на сябе вакалісты ансамбля “Чароўны мікрафон” пад кіраўніцтвам Ірыны Мікалаеўны Данец. Шчырымі апладысментамі дзякавалі ансамблю за выкананне песні “Беларусь мая сінявокая”, вучаніцы 5В класа Вярэнік Сафіі за песню “Беларуска я” (словы і музыка С.Белага).
Асобна хочацца адзначыць работу вядучых інтэлектуальнай гульні Дзячук Вольгі (10 "Б") і Богаяўленскага Яна (10 "А"). Хоць выступалі яны ў такой ролі ўпершыню, хваляваліся напярэдадні, але ў час правядзення конкурсаў трымалі абстаноўку ў зале пад кантролем, валодалі сітуацыяй.
Пры развітанні гледачы – вучні 9-х і 10-х класаў – выказалі жаданне яшчэ паўдзельнічаць ў такім мерапрыемстве.