Государственное учреждение образования "Гимназия № 1 г. Борисова"
телефон: 98 10 40; 98 10 80
email: gymn1@rooborisov.by
222120, г. Борисов, б-р Гречко, 28

Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

05.06.2023
Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

Еўфрасіння Полацкая, адна з самых цікавых і шанаваных асоб у беларускай гісторыі, нарадзілася на пачатку ХІІ стагоддзя ў Полацку. Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай адзначаецца штогод 5 чэрвеня.

Прадслава, як назвалі бацькі будучую заступніцу беларускіх зямель, паходзіла з сям'і полацкіх князёў, але замест пажаданага дынастычнага шлюбу абрала манаскі лад жыцця. Яна тайна прыйшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні.

Спачатку маладая манашка пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Яна перапісвала і перакладала кнігі з іншых моў. Яе намаганнямі папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора.

Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова Еўфрасіння надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Там былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг. У створаных асветніцай школах юныя палачане, апрача царкоўна-славянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны, значная ўвага аддавалася гісторыі.

Еўфрасіння праславілася як першая беларуская мецэнатка. На яе сродкі ў XII стагоддзі была пабудавана царква святога Спаса – вяршыня полацкай архітэктурнай школы. Па яе заказу быў створаны ўнікальны шэдэўр старабеларускага прыкладнога мастацтва – крыж, названы яе імем.

Прападобная Еўфрасіння Полацкая ўнесла неацэнны ўклад у захаванне духоўнага і нацыянальна-культурнага набытку беларускай зямлі, пакінуўшы нашчадкам мудрасць, асвету, яскравы прыклад бязмежнай любові да людзей.

Няхай справы беларускай асветніцы, прасякнутыя высокай духоўнасцю і любоўю, стануць узорам і стымулам для добрых спраў.

па матэрыялах сайта НIA

Версия сайта для слабовидящих